1CO

1 Кар 1

1 Павал, з волі Божай пакліканы апостал Ісуса Хрыста, і Састэн, брат, —

2 царкве Божай, якая ў Карыньце, асьвячоным у Хрысьце Ісусе, пакліканым сьвятым з усімі, якія прызываюць імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў-ва ўсякім месцы, у іх і ў нас:

3 ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

4 Заўсёды дзякую Богу майму за вас з прычыны ласкі Божае, дадзенае вам у Хрысьце Ісусе,

5 бо ўсім вы ўзбагаціліся ў Ім, усякім словам і ўсякім веданьнем, —

6 бо сьведчаньне Хрыстовае сьцьверджана ў вас, —

7 так што вы ня маеце нястачы ані ў якім дары, чакаючы адкрыцьця Госпада нашага Ісуса Хрыста,

8 Які і ўгрунтуе вас да канца быць бездакорнымі ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста.

9 Верны Бог, праз Якога вы пакліканыя ў супольнасьць Сына Ягонага Ісуса Хрыста, Госпада нашага.

10 Малю вас, браты, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб усе вы казалі тое самае, і не было між вамі падзелаў, але каб вы былі злучаны ў тым самым розуме і ў той самай думцы.

11 Бо паведамлена мне ад Хлоіных пра вас, браты мае, што між вамі ёсьць сваркі.

12 А кажу пра тое, што кожны з вас кажа: «Я — Паўлавы», «А я — Апалёсавы», «А я — Кіфавы», «А я — Хрыстовы».

13 Ці разьдзяліўся Хрыстос? Ці Павал быў укрыжаваны за вас? Ці ў імя Паўла вы былі ахрышчаныя?

14 Дзякую Богу, што я нікога з вас не ахрысьціў, акрамя Крыспа і Гая,

15 каб не сказаў хто, што я хрысьціў у маё імя.

16 Ахрысьціў я таксама дом Стэфана, а ці ахрысьціў яшчэ каго, ня ведаю.

17 Бо Хрыстос паслаў мяне не хрысьціць, але дабравесьціць, і ня ў мудрасьці слова, каб не прынізіць крыжа Хрыстовага.

18 Бо слова пра крыж для тых, якія гінуць, ёсьць глупства, а для нас, якія ідуць на збаўленьне, — сіла Божая.

19 Бо напісана: «Загублю мудрасьць мудрых і розум разумных адкіну».

20 Дзе мудры? Дзе кніжнік? Дзе дасьледчык гэтага веку? Ці не зрабіў Бог мудрасьць сьвету гэтага глупствам?

21 Бо калі сьвет праз мудрасьць не пазнаў Бога ў мудрасьці Божай, спадабалася Богу праз глупства пропаведзі збавіць тых, якія вераць.

22 Бо і Юдэі просяць знакаў, і Грэкі шукаюць мудрасьці;

23 а мы абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, для Юдэяў — згаршэньне, а для Грэкаў — глупства,

24 а для тых, якія пакліканыя, і Юдэяў, і Грэкаў, — Хрыста, Божую сілу і Божую мудрасьць.

25 Бо тое, што дурное ў Бога, мудрэйшае за людзей, і тое, што слабое ў Бога, дужэйшае за людзей.

26 Бо паглядзіце, браты, на пакліканьне вашае, што ня шмат [сярод вас] мудрых паводле цела, ня шмат магутных, ня шмат высакародных,

27 але Бог выбраў дурноту сьвету, каб асароміць мудрых, і слабое сьвету выбраў Бог, каб асароміць магутных,

28 і бязроднае сьвету, і пагарджанае, і тое, што ёсьць нічым, выбраў Бог, каб зьнішчыць тое, што нечым ёсьць,

29 каб ніводнае цела не хвалілася перад Ім.

30 А вы — з Яго ў Хрысьце Ісусе, Які стаўся для нас мудрасьцю ад Бога, і праведнасьцю, і асьвячэньнем, і адкупленьнем,

31 каб было, як напісана: «Хто хваліцца, няхай у Госпадзе хваліцца».