ECC

Экл 1

1 Слова Эклезіяста, сына Давіда, валадара ў Ерусаліме.

2 Марнасьць марнасьцяў, сказаў Эклезіяст, марнасьць марнасьцяў, усё — марнасьць.

3 Якая карысьць чалавеку з усёй цяжкай працы ягонай, якую ён робіць пад сонцам?

4 Пакаленьне адыходзіць і пакаленьне прыходзіць, а зямля на вякі трывае.

5 Узыйшло сонца, і зайшло сонца, і сьпяшаецца на месца сваё, дзе яно ўзыходзіць.

6 Вецер ідзе на поўдзень і паварочвае на поўнач, кружляючы, кружляе, дзьме вецер і вяртаецца вецер на кружэньне сваё.

7 Усе рэкі цякуць у мора, і мора не перапаўняецца; да месца, з якога рэкі цякуць, вяртаюцца яны, каб [зноў] адтуль выцякаць.

8 Усе словы стамляюць, ня можа чалавек выказаць [усяго]. Не насыціцца вока гляджэньнем, і не напоўніцца вуха слуханьнем.

9 Што было, тое і будзе, а што рабілася, тое і будзе рабіцца, і няма нічога новага пад сонцам.

10 Бывае рэч, пра якую кажуць: “Глядзі, вось гэта новае”, але гэта было ўжо ў вяках, што былі перад намі.

11 Няма памяці пра тых, што раней жылі, і таксама пра тых, што потым жыць будуць, ня будзе памяці ў тых, якія бу­дуць пасьля іх.

12 Я, Эклезіяст, быў валадаром Ізраіля ў Ерусаліме.

13 І аддаў я сэрца маё, каб шукаць і дасьледаваць з мудрасьцю ўсё, што дзеецца пад небам. Гэты кепскі занятак даў Бог сынам чалавечым, каб былі занятыя ім.

14 Глядзеў я на ўсе справы, якія робяцца пад сонцам; і вось, усё — марнасьць і пагоня за ветрам.

15 Крывое ня можна зрабіць простым, і тое, чаго няма, нельга палічыць.

16 Сказаў я ў сэрцы маім, кажучы: “Вось, я ўзьвялічыўся і прыдбаў мудрасьці больш за ўсіх, што былі раней за мяне ў Ерусаліме; і сэрца маё ўбачыла шмат мудрасьці і веданьня”.

17 І аддаў я сэрца маё, каб пазнаць мудрасьць і пазнаць шаленства і глупоту; і спазнаў, што і гэта — турбаваньне духа.

18 Бо з вялікай мудрасьці шмат смутку, і хто павялічвае веданьне, павялічвае боль.