GAL

Гал 1

1 Павал, апостал не ад людзей і не праз чалавека, але праз Ісуса Хрыста і Бога Айца, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых,

2 і ўсе браты, што са мною, — цэрквам Галятыі:

3 ласка вам і супакой ад Бога Айца і ад Госпада нашага Ісуса Хрыста,

4 Які аддаў Сябе за грахі нашыя, каб вырваць нас з цяперашняга веку злога паводле волі Бога і Айца нашага,

5 Якому слава на вякі вякоў. Амэн.

6 Дзіўлюся, што вы гэтак хутка перакінуліся ад Таго, Які паклікаў вас да ласкі Хрыста, да іншага дабравесьця,

7 якое ня ёсьць іншае, а толькі ёсьць некаторыя, якія вас трывожаць і хочуць перамяніць Эвангельле Хрыстовае.

8 Але калі нават мы ці анёл з неба будзе дабравесьціць вам насуперак таму, што мы дабравесьцілі вам, няхай будзе адлучаны!

9 Як раней мы сказалі, і цяпер ізноў кажу: калі хто дабравесьціць вам насуперак таму, што вы прынялі, няхай будзе адлучаны!

10 Бо ці ж я на людзей спадзяюся, ці на Бога? Ці шукаю, каб спадабацца людзям? Бо калі б я яшчэ людзям дагаджаў, дык ня быў бы слугою Хрыста.

11 Паведамляю ж вам, браты, што Эвангельле, якое я дабравесьціў, ня ёсьць ад чалавека;

12 бо я не праз чалавека прыняў яго і быў навучаны, але праз адкрыцьцё Ісуса Хрыста.

13 Бо вы чулі пра мой ранейшы лад жыцьця ў Юдэйстве, што я бяз меры перасьледаваў Царкву Божую і нішчыў яе,

14 і апярэджваў у Юдэйстве многіх аднагодкаў у родзе маім, будучы найбольшым рупліўцам традыцыяў бацькоў маіх.

15 Калі ж спадабалася Богу, Які аддзяліў мяне ад улоньня маці маёй і паклікаў ласкай Сваёй,

16 адкрыць у-ва мне Сына Свайго, каб я дабравесьціў Яго сярод паганаў, я адразу не зьвярнуўся да цела і крыві

17 і не ўзыйшоў у Ерусалім да апосталаў, якія былі раней за мяне, але пайшоў у Арабію і зноў вярнуўся ў Дамаск.

18 Пасьля, праз тры гады, я ўзыйшоў у Ерусалім пабачыцца з Пятром і быў у яго пятнаццаць дзён.

19 А з іншых апосталаў я ня бачыў нікога, акрамя Якуба, брата Госпадавага.

20 А што пішу вам, вось, перад Богам [сьведчу], што не хлушу.

21 Пасьля я пайшоў у краіны Сірыі і Кілікіі.

22 А з аблічча я быў невядомы цэрквам Юдэі, што ў Хрысьце,

23 а толькі чулі яны, што той, які некалі перасьледаваў іх, цяпер дабравесьціць веру, якую раней нішчыў,

24 і славілі за мяне Бога.