PHP

Флп 1

1 Павал і Цімафей, слугі Ісуса Хрыста, — усім сьвятым у Хрысьце Ісусе, якія ў Філіпах, з епіскапамі і дыяканамі:

2 ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

3 Дзякую Богу майму пры ўсякім успаміне пра вас,

4 заўсёды ў кожнай просьбе маёй за ўсіх вас просячы з радасьцю,

5 за вашую супольнасьць у Эвангельлі ад першага дня аж да цяперашняга,

6 маючы пэўнасьць у тым, што Той, Які пачаў у вас добрую справу, будзе зьдзяйсьняць [яе] аж да дня Ісуса Хрыста,

7 як справядліва мне думаць адносна ўсіх вас, бо я маю вас у сэрцы як у путах маіх, так і ў абароне, і ў сьцьвярджэньні Эвангельля, вас, якія ўсе — удзельнікі са мною ў ласцы.

8 Бо Бог мне сьведка, як я прагну [агарнуць] усіх вас сэрцам Ісуса Хрыста;

9 і малюся пра тое, каб любоў вашая яшчэ больш і больш памнажалася ў пазнаньні і ўсякім разуменьні,

10 каб, выпрабоўваючы, што лепшае, вы былі чыстымі і без спатыкненьня ў дзень Хрыстовы,

11 напоўненымі пладамі праведнасьці праз Ісуса Хрыста на славу і пахвалу Божую.

12 Хачу, браты, каб вы даведаліся, што тое, што са мной [сталася], выйшла больш на посьпех Эвангельля,

13 так што путы мае ў Хрысьце сталіся яўнымі ў-ва ўсёй прэторыі і ўсім іншым,

14 і многія з братоў у Госпадзе, перакананыя путамі маімі, яшчэ больш адважыліся бяз страху гаварыць Слова.

15 Некаторыя, праўда, — з зайздрасьці і сваркі, а некаторыя — з упадабаньня абвяшчаюць Хрыста.

16 Тыя, што ў сварлівасьці, — прапаведуюць Хрыста ня чыста, мяркуючы павялічыць прыгнёт путаў маіх,

17 а тыя, што ў любові, — ведаючы, што дзеля абароны Эвангельля я пастаўлены.

18 Бо што з гэтага? Усякім чынам, ці дзеля віду, ці праўдзіва, Хрыстос прапаведуецца, і я з гэтага радуюся і буду радавацца.

19 Бо я ведаю, што гэта станецца мне на збаўленьне праз вашыя просьбы і дапамогу Духа Ісуса Хрыста,

20 паводле спадзяваньня і надзеі маёй, што я ні ў чым ня буду асаромлены, але з усёй адвагай, як заўсёды, гэтак і цяпер, будзе ўзьвялічаны Хрыстос у целе маім, ці то жыцьцём, ці то сьмерцю.

21 Бо для мяне жыцьцё — Хрыстос, і сьмерць — набытак.

22 А як жыцьцё ў целе [дае] плод маёй справе, ня ведаю, што і выбраць.

23 Бо цягне адно і другое. Маю жаданьне разьвязацца і быць з Хрыстом, і гэта нашмат лепш,

24 а заставацца ў целе больш патрэбна дзеля вас.

25 І я напэўна ведаю, што застануся і затрымаюся з усімі вамі дзеля вашага посьпеху і радасьці веры,

26 каб пахвала вашая ў Хрысьце Ісусе памнажалася ў-ва мне, калі зноў прыйду да вас.

27 Толькі жывіце дастойна Эвангельля Хрыстовага, каб мне, ці як прыйду і ўбачу вас, ці адсутны, чуць пра вас, што вы стаіцё ў адным духу, змагаючыся аднадушна за веру Эвангельскую

28 і ані ў чым не палохаючыся супраціўнікаў. Гэта для іх ёсьць доказ загубы, а для вас — збаўленьня, і гэта ад Бога,

29 бо вам дадзена дзеля Хрыста ня толькі верыць у Яго, але і цярпець дзеля Яго,

30 маючы такое самае змаганьне, якое вы бачылі ў-ва мне і цяпер чуеце пра мяне.