PRO

Разьдзел 1

1 Прыповесьці Салямона, сына Давіда, валадара Ізраіля,

2 каб спазнаць мудрасьць і настаўленьне, зразумець словы розуму,

3 каб атрымаць настаўленьні ў разважлівасьці, праведнасьці, судзе і справядлівасьці,

4 каб неразумным даць разумнасьць, юнаку — веды і разважлівасьць.

5 Мудры няхай слухае і павялічвае веды, а разумны няхай прыдбае мудрыя думкі,

6 каб зразумець выслоўе і прыповесьць, словы мудрых і загадкі іхнія.

7 Страх перад ГОСПАДАМ — пачатак веданьня. Неразумныя пагарджаюць мудрасьцю і настаўленьнем.

8 Сыне мой, паслухай перасьцярогаў бацькі твайго і не адкідай настаўленьняў маці тваёй,

9 бо яны — прывабны вянок на галаве тваёй і каштоўныя каралі на шыі тваёй.

10 Сыне мой, калі б цябе намаўлялі грэшнікі, не далучайся да іх.

11 Калі яны скажуць: «Хадзем з намі! Зробім засаду дзеля праліцьця крыві; наставім без прычыны пастку на нявіннага;

12 праглынем іх жыўцом, як пекла, і цалкам, як тых, што зыходзяць у магілу;

13 знойдзем усялякія каштоўнасьці, напоўнім дамы свае здабычаю.

14 Жэрабя сваё кідай разам з намі, няхай адзін мех будзе для нас усіх».

15 Сыне мой, не хадзі з імі, устрымай нагу тваю ад сьцежкі іхняй,

16 бо ногі іхнія бягуць да злачынства і сьпяшаюцца на праліцьцё крыві.

17 Бо надарэмна настаўляецца сетка на вачах усяго птаства.

18 А яны цікуюць на ўласную кроў, робяць засаду супраць душы сваёй.

19 Такія вось сьцежкі кожнага, хто прагне чужога даброцьця; яно забірае душу таго, хто завалодае ім.

20 Мудрасьць гукае на вуліцах, на плошчах узьнімае голас свой,

21 на скрыжаваньнях шумлівых дарог кліча, у брамах гарадзкіх гучаць яе словы:

22 «Дакуль, неразумныя, будзеце любіць неразумнасьць; дакуль, насьмешнікі, будзеце захапляцца насьмешкамі сваімі, а невукі — пагарджаць веданьнем?

23 Зьвярніцеся да настаўленьня майго, і я выльлю на вас духа майго, і абвяшчу вам словы мае.

24 Вось жа я клікала, але вы адмаўляліся, працягвала руку сваю, але ніхто не зьвярнуў увагі.

25 Вы ўзгардзілі радай маёю і адкінулі дакараньні мае.

26 Дык і я буду сьмяяцца з падзеньня вашага, і насьміхацца буду, калі прыйдзе на вас жах.

27 Калі нахлыне жах, як бура, і загуба ваша, быццам віхура, калі прыйдуць на вас трывога і гора,

28 тады будуць клікаць мяне, але я не адкажу, будуць шукаць мяне, і ня знойдуць мяне.

29 Бо яны зьненавідзелі веданьне і ня выбралі для сябе страху перад ГОСПАДАМ,

30 і не пайшлі за парадамі маімі, і ўзгардзілі перасьцярогамі маімі.

31 Дык няхай ядуць яны плады шляху свайго і насыцяцца намерамі сваімі.

32 Бо адступніцтва неразумных заб’е іх, бяздумнасьць дурняў загубіць іх.

33 А хто слухае мяне, будзе жыць бясьпечна, будзе спакойны, не баючыся зла».